ВО́ЛАСА ПАЎДНЁВЫ, Волас Паўднёвы,
возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка, за 5 км на ПнУ ад г. Браслаў. На тэр. нац. парку Браслаўскія азёры; уваходзіць у Браслаўскую групу азёр. Пл. 1,21 км², даўж. 2,5 км, найб. шыр. 700 м, найб. глыб. 40,4 м, даўж. берагавой лініі 7 км. Пл. вадазбору 6 км². Схілы катлавіны выш. 5—8 м, пад лесам, месцамі разараныя, на У стромкія. Мелкаводная зона вузкая, пясчаная, глыбакаводная — глеістая. Каля 50% паверхні дна зарастае расліннасцю. Вада вызначаецца высокай празрыстасцю і чысцінёй. Сярод беспазваночных трапляюцца рэлікты ледавіковага перыяду — лімнакалянус, рэліктавая мізіда, понтапарэя, бакаплаў Паласа. Злучана пратокай з воз. Воласа Паўночны.
т. 4, с. 260
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)